"Май сэрца як мага чысцейшае і аддавай паслугі зямлі і людзям..."
Эліза Ажэшка
...з гісторыі стварэння адзінага ў сваім родзе музея...
Літаратурна-краязнаўчы музей вёскі Мількаўшчына быў адкрыты ў 2004 годзе на базе яшчэ дзеючай у той час установы адукацыі "Мількаўшчынская базавая школа імя Элізы Ажэшкі". На самой справе, з 2004 года ва ўстанове адукацыі пачынае працаваць толькі музейны пакой пад назвай “Беларуская хатка”. Кіраўніком музейнага пакоя быў вызначаны настаўнік гісторыі Савянкова Таццяна Анатольеўна.
Але ў хуткім часе, праз некалькі гадоў існавання музейнага пакоя і плённай працы кіраўніка колькасць прадметаў музейнага пакоя значна павялічалася. Таму ў 2010 годзе на падставе рэкамендацый аддзела адукацыі Гродзенскага райвыканкама было вырашана перайменаваць музейны пакой у музей з літаратурна-краязнаўчым профілем.
На жаль, з 2013 года ўстанова адукацыі "Мількаўшчынская базавая школа імя Элізы Ажэшкі" назаўсёды зачыняе свае дзверы перад вучнямі. З гэтага года школа перастае існаваць. Але жыццё ў яе сценах не спыняецца, а працягвае бурліць і кіпець. Дзякуючы актыўнасці загадчыка літаратурна-краязнаўчага музея - Таццяны Анатольеўны - і жыхароў вёскі, не абыякавых да лёсу былога культурнага цэнтра, будынак школы працягвае прымаць гасцей не толькі з Прынёмання, але і з усёй краіны і, нават, з замежжа.
Сярод разнастайных раздзелаў экспазіцыі трэба вызначыць асноўныя: “Каралева жывога слова”, “Быў храм дзяцінства незабыўны”, “Шляхі і лёсы Мількаўшчыны і яе людзей”, “Шляхецкі пакой мінулых стагоддзяў”, “Свет побыту былога” і “Літаратурная гасцёўня”.
Мількаўшчына родная мая
Бусел над жнівом крылы распластаў.
Гоман спелых траў у лугі пазваў.
І звініць касой рэха ў гаях
Мількаўшчына родная мая.
Ты шчаслівы лёс, дабрыня людзей,
Лён дзявочых кос і блакіт вачэй.
У садах звініць трэллю салаўя
Мількаўшчына любая мая.
Прыгажосць палёў, шчырасць і любоў,
Ціхі шум лясоў і пяшчота слоў.
Лейся з краю ў край, над зямлёй крыляй
Мількаўшчына мілая мая.
Мількаўшчына – наш любімы куточак зямлі,
месца, адкуль бяруць пачатак
нашы мары і імкненні.
Запрашаем накіравацца ў невялікую, але цікавую вандроўку.
Праехаўшы з Гродна прыблізна 40 кіламетраў па аўтатрасе ў накірунку Мінску вам сустрэнецца незвычайны дарожны
знак-указальнік: “Радзіма Элізы Ажэшкі”.
Доўга не думайце, а зварочвайце ўправа, -
і праз два кіламетры вы ў Мількаўшчыне,
на малой радзіме славутай пісьменніцы
беларуска-польскага памежжа
Элізы Ажэшкі.
Тэл.: 8 (0152) 68-38-54
Літаратурна-краязнаўчы музей