Создать сайт на a5.ru
Более 400 шаблонов
Простой редактор
Приступить к созданию

ГІСТОРЫЯ

  • 1947 г. – Крыўлянская пачатковая школа
  • 1949 г. – Крыўлянская сямігадовая школа
  • 1962 г. – Крыўлянская васьмігадовая школа
  • 1990 г. – Крыўлянская базавая школа
  • Снежань 2004 г. – Мількаўшчынская базавая школа

 

З ГІСТОРЫІ ШКОЛЫ

     У 1947 г.  была адкрыта Крыўлянская пачатковая школа. Ішоў час і школа мяняла назвы:

1949 г.  – Крыўлянская сямігадовая школа.

1962 г.  – Крыўлянская васьмігадовая школа.

1990 г.  – Крыўлянская базавая школа.

Снежань 2004 г.  – Мількаўшчынская базавая школа.

З 11.08.2006г.  да 31.08. 2013г. - Мількаўшчынская базавая школа імя Элізы Ажэшкі.

     Дырэктарамі на працягу існавання школы былі:

Жывушка Станіслаў Іосіфавіч                         1947 – 1949гг.

Ягорычава Вера Іванаўна                                 1949 – 1952гг.

Пастэрнак Мар’ян Дамінікавіч                        1952 – 1954гг.

Байгот Пётр Іосіфавіч                                       1954 – 1967гг.

Міхальчук Іван Фёдаравіч                                1967 – 1972гг.

Калодзісты Барыс Купрыянавіч                       1972 – 1975гг.

Піліпенка Святлана Паўлаўна                          1975 – 1978гг.

Трунілава Лілія Уладзіміраўна                         1978 – 1983гг.

Грыб Марыя Пятроўна                                      1983 – 1990гг.

Сакалінская Марыя Міхайлаўна                      1990 – 1998гг.

Трахімчык Уладзімір Іванавіч                          1998 – 2006гг.

Чыжык Людміла Іванаўна                                 2006 – 2013гг.

 

      Навучанне ўвесь час вялося на беларускай мове. За 67 гадоў існавання школу скончылі амаль тысяча вучняў.

 

З ГІСТОРЫІ МУЗЕЯ

 

⁠    Са жніўня 2006 года школа насіла імя Элізы Ажэшкі (гэта была адзіная школа на Беларусі). Дэвізам школьнага жыцця з’яўляліся  словы Элізы Ажэшкі: “Май сэрца як мага чысцейшае і аддавай паслугі як мага большыя зямлі і людзям”.  Гэтыя словы таксама гучалі ў школьным гімне, тэкст яго напісала Любоў Мікалаеўна Русілка, а кампазітар Аліна Безенсон, якая жыве і працуе ў Мінску, а родам сама з Ваўкавыска, паклала словы на музыку.

    Вялікім энтузіястам краязнаўства, ініцыятарам стварэння школьнага музея быў  Уладзімір Іванавіч Трахімчык, былы дырэктар школы. Музей  пачынаўся з экспазіцыі  пра нашу сусветнавядомую зямлячку – Элізу Ажэшку. Менавіта тут, у Мількаўшчыне,  прайшлі дзіцячыя гады будучай пісьменніцы і пачалася яе літаратурная дзейнасць першым друкаваным апавяданнем “Малюнак з галодных гадоў”. Затым былі напісаны яшчэ дзесяць аповесцяў і раманаў, шэсць з якіх было надрукавана. У раённым конкурсе-аглядзе “За развіццё музейнай справы” экспазіцыя “Эліза Ажэшка – наша славутая зямлячка” была адзначана дыпломам першай ступені. 

      Усе работы па мастацкаму афармленню музейнага пакоя  вяліся  сіламі работнікаў школы. І роспісы на сценах, і выраб мэблі, вітрынаў, падставак – усё рабілі сваімі рукамі. адначасова з гэтым вучні і настаўнікі школы вялі збор экспанатаў па гісторыі і этнаграфіі роднага краю. Галоўная задача, якая ставілася перад педагагічным і вучнёўскім калектывам, – па крупінцы сабраць расцярушаную часам гістарычную і духоўную спадчыну і захаваць яе для будучых пакаленняў.

       І вось у лістападзе 2004 года педагагічным саветам было прынята рашэнне аб адкрыцці музейнага пакоя, а з лістапада 2010 года – літаратурна-краязнаўчага музея. Асноўнай дзейнасцю музея з’яўляецца вывучэнне гістарычных крыніц, правядзенне экскурсійна-лекцыйных работ, афармленне экспазіцый і выстаў, масавая і прапагандысцкая работа.

     Пасля закрыцця  школы з 1 верасня 2013 года музей перададзены "Гродзенскаму раённаму цэнтру творчасці дзяцей і моладзі" і працуе на базе пакоя па месцы жыхарства в. Мількаўшчына. Музейны пакой займае асобнае памяшканне плошчай 40 квадратных метраў, налічвае 255 экспанатаў, у тым ліку асноўнага фонду – 202.

    Асноўнай дзейнасцю музея з’яўляецца вывучэнне гістарычных крыніц, папаўненне фондаў, забяспячэнне, захаванне і ўлік музейных прадметаў, абнаўленне экспазіцый, правядзенне экскурсійна – лекцыйных работ.

        Вынікі пошукаў прадстаўлены ў экспазіцыях:

  • “З гісторыі нашага краю”
  • “ Родная школа – навукі пачатак”
  •  “Эліза Ажэшка – наша славутая зямлячка”
  •  “Беларуская хатка”
  •  “Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны”.

        Кіраўніком музея з 2004 года працуе Савянкова Таццяна Анатольеўна. У музеі сабраны прадметы паўсядзённага побыту, прылады працы, вырабы майстроў, дакументы, фотаздымкі, архіўныя матэрыялы. Кожны прадмет у музеі – гэта гісторыя жыцця нашых продкаў. Глядзіш на іх і перад табой паўстаюць карціны сівой даўніны і часу зусім блізкага. Захапляешся кемлівасцю і майстэрствам жыхароў нашых мясцін, іх вынаходлівасцю. Матэрыялы музея дазваляюць больш змястоўна праводзіць урокі гісторыі, літаратуры, геаграфіі, пазакласныя выхаваўчыя мерапрыемствы.

       Наш музей – гэта скарбніца не толькі мінулага, але і адметнага сённяшняга;  не толькі матэрыяльных рэчаў, але і думак, пачуццяў, пакінутых у творах вялікімі майстрамі;  гэта – тэатр, які дае ўяўленні пра гістарычныя падзеі;  гэта – своеасаблівая лабараторыя для дапытлівых і цікаўных, магчымая пляцоўка для навуковых адкрыццяў. Нарэшце – гэта месца адпачынку і духоўнай творчасці.

     Кажуць, чалавек будучага – гэта той, у каго даўжэйшая памяць. Ці не шанец на будучыню дораць нам музеі, маўкліва захоўваючы гэтую памяць?

     

 

 

Хто да нас не завітае,

Усім тут рады, усім хлеб-соль.

Бо жывуць у нашым краі

Міласэрнасць і любоў.

Літаратурна-краязнаўчы музей

дзяржаўнай установы адукаціі

"Гродзенскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі"

(в.Мількаўшчына)

Тэл.: 8 (0152) 68-38-54

 

Тэл.: 8 (0152) 68-38-54

Ау., Чц. з 15-00 да 17-00 
Адрас: Гродзенскі раён, в.Мількаўшчына, Крыўлянская вуліца, 6

Літаратурна-краязнаўчы музей